💫Сузор’е МАЦІ

СЛОВА ПРА МАЦІ
Раней за ўсіх яна ўстае,
Пазней за ўсіх кладзецца,
Яна жыве, яна пяе, -
І дзецям лепш пяецца.

Ты рос, як цёплы каласок,
Пры месяцы і зорах.
Пачуеш мілае "сынок",
Хоць будзе і за сорак...

За словам маці ў свет пайшлі
Маленства, мара, мова,
І мір, і мужнасць на зямлі -
Жыцця твайго асновы.

Каб не тужыла па начах, -
Ёй падрастай на ўцеху!
Хай будзе ў матчыных вачах
Пабольш іскрынак смеху!

Ты не шкадуй ласкавых слоў
Для роднай, для адзінай.
Адказвай маці на любоў -
Будзь верным, добрым сынам!
Эдзі
Агняцвет

#мама_маці_матуля #паэтычнае_шматгалоссе
#прысвячэнне
#аўтарскіпраект