Педагогі Касцюковіцкага раёна не толькі вывучаюць, але і добраўпарадкоўваюць помнікі архітэктуры, робяць канкрэтныя справы для іх захавання

🚴🏼 Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Новасаматэвіцкай сярэдняй школы Уладзімір Сальнікаў падчас пешых і веласіпедных паходаў з вучнямі ў вёску Канічы абавязкова наведваюць велічныя руіны касцёла і бровара, высякаюць там хмызняк, зграбаюць лісце, сухую траву, каб архітэктурная спадчына знаходзіліся ў прывабным турыстычным выглядзе. У гэтай справе школа цесна супрацоўнічае з Новасаматэвіцкім сельсаветам.

Калега Уладзіміра Сальнікава кіраўнік школьнага музея Мікалай Купцоў сабраў багатыя звесткі аб праваслаўным Свята-Троіцкім храме, які знаходзіцца ў выселенай пасля аварыі на ЧАЭС зоне. На думку педагога, пра такія закінутыя храмы мы не павінны забываць. У іх цяпер хоць і не служыцца літургія, але гэта святое, намоленае многімі пакаленнямі землякоў месца.

Настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 1 Касцюковіч Вольга Кісялева з вялікім задавальненнем праводзіць экскурсіі па галоўнай вуліцы райцэнтра — Ленінскай. Настаўніца, дарэчы, атэставаны экскурсавод, яе экскурсіі заўсёды жывыя, цікавыя, інфарматыўныя.

Такой жа захапляльнай з’яўляецца і экскурсія па музеі сярэдняй школы № 4 Касцюковіч у выкананні яго кіраўніка Валерыі Ісачанка (таксама атэставанага экскурсавода). Тут і аповед пра гісторыю Касцюковіч, летапіс установы адукацыі, і этнаграфічныя асаблівасці раёна.

🔜 Падрабязней пра краязнаўчую дзейнасць касцюковіцкіх педагогаў чытайце заўтра на старонках “Настаўніцкай газеты”.