💠 Не трэба жыць як набяжыць.
Так жыць на свеце трэба,
Каб да апошніх дзён любіць
Людзей, зямлю і неба.


Не падаць у сляпы адчай,
Як затрашчаць падпоркі.
Знаць, што жыццёвы каравай
Бывае часам горкі.

💠 Якім не будзеш малайцом, -
Старайся не забыцца,
Што лепей плакаць з мудрацом,

Чым з дурнем весяліцца.

Хто многа вынес на вяку,
Загартаваўшы волю,
Табе на рану ў час пакут
Ён не падсыпле солі.

💠 Пад знакам шчасця і бяды
Так жыць на свеце трэба,
Нічым каб не зняславіў ты
Людзей, зямлю і неба.

©Анатоль Грачанікаў
#паэзія
#па_беларуску
#люблю_Беларусь💠