🔆Не трэба жыць як набяжыць.
Так жыць на свеце трэба,
Каб да апошніх дзён любіць
Людзей, зямлю і неба.

Не падаць у сляпы адчай,
Як затрашчаць падпоркі.
Знаць, што жыццёвы каравай
Бывае часам горкі.

🔆Якім не будзеш малайцом, -
Старайся не забыцца,
Што лепей плакаць з мудрацом,
Чым з дурнем весяліцца.

Хто многа вынес на вяку,
Загартаваўшы волю,
Табе на рану ў час пакут
Ён не падсыпле солі.

🔆Пад знакам шчасця і бяды
Так жыць на свеце трэба,
Нічым каб не зняславіў ты
Людзей, зямлю і неба.
©Анатоль Грачанікаў
#паэзія #па_беларуску
#люблю_Беларусь
❗️🤓 Верш варты таго, каб яго вывучыць напамяць!